image description
 

Учреждение Брестское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Івацэвічы. Лепшае падраздзяленне гарнізона

472

Пажарны аварыйна-выратавальны пост №14 у в. Дабромысль прызнаны лепшым сярод падраздзяленняў Івацэвіцкага гарнізона.

Калектыў пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №14 вёскі Дабромысль – гэта сем выратавальнікаў, якія з гонарам нясуць службу на даручаным участку і робяць гэта добрасумленна і прафесійна. Сярод іх – начальнік паста Уладзімір Мінчык, камандзіры аддзялення Кірыл Мінчук, Аляксандр Кацэўман і Грыгорый Кожан, а таксама вадзіцелі пажарнага аварыйна-выратавальнага аўтамабіля – Іван Заноўскі, Дзяніс Данчанка і Уладзімір Канявега.

Узначальвае каманду прапаршчык унутранай службы Уладзімір Мінчык, які нарадзіўся і вырас у гэтым населеным пункце.

– Была пэўная цікавасць да гэтай прафесіі, але ў шэрагах выратавальнікаў сябе не ўяўляў. У школьныя гады душа ляжала больш да тэхнікі, таму паступіў у Пружанскі агратэхнічны тэхнікум.

Пасля заканчэння навучальнай установы надоўга ў прафесіі не затрымаўся: адзін знаёмы прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў МНС, і мяне гэта зацікавіла. Калі я паспяхова прайшоў усе выпрабаванні, 17 чэрвеня 2009 года мяне прызначылі на пасаду начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста, – успамінае Уладзімір.

А вось Грыгорый Кожан служыць камандзірам аддзялення ўжо больш за дваццаць пяць гадоў. На яго рахунку дзясяткі выездаў на пажары, аказанне дапамогі пры дарожна-транспартных здарэннях і іншых надзвычайных сітуацыях.

– Пасля войска трэба было вызначыцца з прафесіяй, а ў той час, у 1995 годзе, адбывалася ваенізацыя пажарнай службы. Так і пачалася мая служба ў МНС. 13 снежня мінулага года я адсвяткаваў 25-гадовы юбілей працы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях, – з гонарам кажа выратавальнік.

Пяць гадоў таму Грыгорый мог сысці на заслужаны адпачынак, але не спяшаецца і працягвае справу, якая па душы. Аб такім баявым таварышы хлопцы адгукаюцца толькі цёплымі словамі.

– Мы заўсёды раімся адзін з адным, асабліва з дасведчаным таварышам Грыгорыем Грыгор’евічам, стараемся шукаць кампрамісы. Вядома, бывае і рознагалоссе ў пунктах погляду, але ў працэсе абмеркавання мы заўсёды прыходзім да агульнага рашэння, – адзначыў Аляксандр Кацэўман.

«Моладзь» – так называюць на пасту Уладзіміра Канявегу і Кірыла Мінчука. І нездарма, бо ў падраздзяленні МНС хлопцы працуюць толькі з сярэдзіны 2019 года.

– Першы мой выезд быў на загаранне хлява, і здарылася гэта ў першыя працоўныя суткі, – расказвае Уладзімір. – Вядома, уразіла, як полымя «пажырае» гаспадарчую пабудову, у той жа час мяне перапаўнялі і трывога, бо побач жылы дом, і разуменне адказнасці за тое, каб добра выканаць сваю работу. У такія мінуты няма часу на «раскачку», трэба дзейнічаць хутка і дакладна.

Аб тым, як не трапіць у надзвычайную сітуацыю, маладыя спецыялісты расказваюць дзецям і падлеткам вёскі, якія часта прыходзяць у падраздзяленне на экскурсіі.

Старшына ўнутранай службы Іван Заноўскі служыць вадзіцелем пажарнага аўтамабіля з 19 студзеня 2009 года. За адзінаццаць гадоў у радах агняборцаў не раз даводзілася бываць у самым эпіцэнтры вогненнай стыхіі, дзе толькі найвышэйшы прафесіяналізм і ўменне працаваць у камандзе дапамагалі зрабіць сваю работу максімальна эфектыўна.

– Памятаецца ДТЗ з удзелам легкавога і грузавога аўтамабіляў на перакрыжаванні дарог каля вёсак Чамялы і Даманава. У пакамечанай легкавушцы знаходзіліся людзі і самастойна выбрацца не маглі. Мы гідраўлікай расціскалі пагнуты метал. Рабіць гэта трэба было і хутка, і асцярожна, каб яшчэ больш не траўміраваць пацярпелых. Затым перадалі іх брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Кроў, стогны людзей і абломкі кузава – відовішча непрыемнае, але гэта, на жаль, таксама частка нашай працы, – дзеліцца Іван.

Дачка і сын ганарацца бацькам і ведаюць, што ён дасць адказы на ўсе пытанні, у прыватнасці, датычныя бяспекі. На працы Іван сустрэў свайго лепшага сябра – Аляксандра. У вольны час мужчыны, дарэчы – кумы, захапляюцца тэхнікай, рамонтам.

Прапаршчык унутранай службы Дзяніс Данчанка служыць на пасадзе вадзіцеля з лістапада 2011 года. Дасканала асвоіў пажарную тэхніку і абсталяванне, ведае раён выезду ва ўсіх дэталях і можа даставіць сваіх таварышаў па службе максімальна хутка туды, дзе патрэбна дапамога.

– Падчас працы заўсёды сачу за тым, каб мая тэхніка была ў поўным парадку. Калі ты да яе з любоўю, то і яна ніколі не падвядзе, – упэўнены вадзіцель-выратавальнік.

Сёння разлік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №14 забяспечаны ўсім неабходным рыштункам, абсталяваннем і двума аўтамабілямі. Мужчыны ўласнаручна зрабілі рамонт у будынку, сваімі рукамі акультурылі тэрыторыю і фасад, плануюць абнавіць спартыўную пляцоўку. Для большай утульнасці высадзілі алею пладова-ягадных дрэў, зрабілі вадаём з рыбамі.

Калектыў гэтага падраздзялення – дружная і згуртаваная каманда, адносіны ўнутры якой заснаваныя на павазе і даверы. Яны разам пераадольваюць цяжкасці, спяшаюцца на дапамогу да тых, хто мае ў ёй патрэбу, і з добрым настроем вяртаюцца дадому, дзе іх любяць і чакаюць.

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


 

Поступление в учебные заведения
Поступление в учебные заведения
Приглашаем на службу
Приглашаем на службу

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть